Чарговая пятніца ў рамках праекта "Кожная пятніца — роднае сваё" прайшла 20 лютага пад дэвізам "ЧытаемБеларускае і па-беларуску". Мерапрыемства адбылося напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага. Вучні пачатковых класаў адправіліся ў незвычайнае падарожжа па краіне Чытаніі беларускімі сцежкамі. Працуючы ў камандах, дзеці з цікавасцю выконвалі разнастайныя заданні: адгадвалі казачных герояў па прадметах з "чароўнага кошыка", складалі вершаваныя радкі, адказвалі на пытанні па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа, спрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў і нават інсцэніравалі беларускую народную казку "Заяц і Вожык". Асабліва запомніўся творчы момант, калі дзеці напоўнілі "сэрца" самымі прыгожымі беларускімі словамі. Вынікам мерапрыемства стала не толькі паглыбленне ведаў па літаратуры, але і фарміраванне ў вучняў пачуцця любові да роднага слова.